КАНДРАТ КРАПІВА: ДА 100-ГОДДЗЯ ПАЧАТКУ ТВОРЧАЙ ДЗЕЙНАСЦІ НАРОДНАГА ПІСЬМЕННІКА БЕЛАРУСІ - ЧАСТКА 1
«Я ў мастацкім агародзе
Толькі марная трава.
А якая? Смех, дый годзе:
Я — пякучка-крапіва».
1922 год
Фотаздымак Кандрація Атраховіча. Фотамайстэрня Сліозберга.1913 год.
Народны пісьменнік Беларусі, драматург, паэт, празаік, мовазнавец, грамадскі дзеяч Кандрат Крапіва (сапраўднае прозвішча Атраховіч Кандрат Кандратавіч; 22.02.(5.03.)1896—7.01.1991) нарадзіўся ў вёсцы Нізок Уздзенскай воласці Ігуменскага павета Мінскай губерні (цяпер Уздзенскі раён Мінскай вобласці) 22 лютага (5 сакавіка) 1896 года. 24 лютага 1896 года ён быў ахрышчаны ва Уздзенскай Петрапаўлаўскай царкве. Пачатковую адукацыю Кандрат Атраховіч атрымаў ва Уздзенскім народным вучылішчы Ігуменскага павета Мінскай губерні, якое паспяхова скончыў у красавіку 1910 года. Пасля гэтага ён працягваў вучобу спачатку ў Стаўбцоўскім гарадскім чатырохкласным вучылішчы Мінскага павета, а потым перавёўся ў Койданаўскае гарадское чатырохкласнае вучылішча, пасля паспяховага заканчэння якога ў 1913 годзе здаў іспыты ў Мінскай мужчынскай гімназіі і атрымаў пасведчанне на званне настаўніка пачатковых вучылішчаў з правам выкладання ў вясковых двухкласных вучылішчах Міністэрства народнай асветы. У 1914 годзе Кандрат Атраховіч атрымаў месца настаўніка ў Мнішанскім народным вучылішчы Пяршайскай воласці Мінскага павета Мінскай губерні. У 1915 годзе ён быў мабілізаваны ў армію і накіраваны ў Гатчынскую школу прапаршчыкаў каля Санкт-Пецярбурга. Пасля яе заканчэння быў накіраваны на румынскі фронт, дзе ўдзельнічаў у ваенных дзеяннях. У 1917 годзе перахварэў на брушны тыф. У канцы вайны атрымаў чын паручніка. Пасля вяртання на радзіму працаваў настаўнікам у вёсцы Каменка Уздзенскай воласці Мінскага павета.
Экзаменацыйная работа вучня Уздзенскага народнага вучылішча Ігуменскага павета Мінскай губерні Кандрація Атраховіча па рускай мове. 1910 год.
У 1920—1923 гадах служыў у Чырвонай Арміі. Пасля дэмабілізацыі з 1924 года зноў працаваў настаўнікам у пасёлку Астравок Уздзенскага раёна Мінскай акругі. У 1925 годзе пераехаў у Мінск, дзе да 1926 года працаваў інструктарам Цэнтральнага бюро краязнаўства пры Інбелкульце. Літаратурную дзейнасць Кандрат Атраховіч пачаў у 1922 годзе. Першы сатырычны твор на беларускай мове — верш “Сваты” — быў надрукаваны ў газеце “Савецкая Беларусь” 23 мая 1922 года. З гэтага часу Кандрат Атраховіч стаў Кандратам Крапівой. Псеўданім Крапівы тлумачыцца ў аднайменным вершы “Крапіва”, які быў надрукаваны 28 снежня 1922 года ў газеце “Савецкая Беларусь”. З гэтага часу Кандрат Крапіва актыўна ўключыўся ў літаратурнае жыццё. Спачатку ён быў членам літаратурнага аб’яднання “Маладняк” , а потым — “Узвышша”. З 1926 па 1930 гады Крапіва вучыўся на літаратурна-лінгвістычным аддзяленні педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Пасля яго заканчэння ён цалкам аддаецца літаратурнай дзейнасці. Да гэтага ён быў ужо вядомы як аўтар сатырычных вершаў, баек, апавяданняў. Найбольш вядомыя: “Дзед і Баба”, “Дыпламаваны баран”, “Сава, Асёл ды Сонца”, “Ганарысты парсюк”, “Махальнік Іваноў”, “Жаба ў каляіне” і іншыя. У 1925—1926 гады з’явіліся яго першыя зборнікі: “Асцё”, “Крапіва”, “Апявяданні”. У пачатку 1930-х гадоў выходзяць з друку асобным выданнем паэма-жарт “Хвядос-Чырвоны нос”, новыя зборнікі твораў і першая частка рамана “Мядзведзічы”. Пачынаючы з 1933 года, асноўным відам літаратурнай творчасці пісьменніка стала драматургія. Бадай самая знакамітая яго камедыя “Хто смяецца апошнім”, прэм’ера якой адбылася ў 1939 годзе. Адна з апошніх п’ес Крапівы “Брама неўміручасці” была пастаўлена ў 1974 годзе.
Кандрат Крапіва. Фотаздымак 1929 года.
У 1932—1936 гадах Кандрат Крапіва быў загадчыкам аддзела часопіса “Полымя рэвалюцыі”, удзельнічаў у паходзе Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь ў 1939 годзе, а таксама ў савецка-фінскай вайне 1939—1940 гадоў. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны працаваў у франтавых газетах “За Савецкую Беларусь”, “Красноармейская правда». У 1943—1945 гадах рэдагаваў сатырычную газету “Раздавім фашысцкую гадзіну”. Пасля заканчэння вайны ў 1945—1947 гадах займаў пасаду рэдактара сатырычнага часопіса “Вожык”. У 1947 годзе перайшоў на навуковую працу ў Інстытут мовазнаўства Акадэміі навук БССР, дзе спачатку быў загадчыкам сектара мовазнаўства, а з 1952 па 1956 гады дырэктарам інстытута. У 1956 годзе быў абраны віцэ-прэзідэнтам Акадэміі навук БССР. Гэтую пасаду ён займаў да 1982 года. У 1982 годзе вярнуўся ў Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа Акадэміі навук БССР, дзе працаваў да 1989 года. У 1946 годзе Кандрат Крапіва ў складзе дэлегацыі БССР удзельнічаў у рабоце 1-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН у Лондане, неаднаразова абіраўся дэпутатам (1947—1990), Старшынёй Вярхоўнага Савета БССР. З 1934 года з’яўляўся членам Саюза пісьменнікаў СССР і БССР. Памёр 7 студзеня 1991 года і быў пахаваны на Усходніх могілках ў Мінску. У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ўдалося выявіць цікавыя дакументы, звязаныя з жыццём і дзейнасцю Кандрата Крапівы (К. К. Атраховіча), большасць з якіх упершыню ўводзіцца ў навуковы ўжытак. Гэта аўтэнтычны метрычны запіс аб нараджэнні 22 і хрышчэнні 24 лютага 1896 года будучага пісьменніка ва Уздзенскай Петрапаўлаўскай царкве, а таксама метрычны запіс аб шлюбе яго бацькоў за 1885 год. Вялікую цікавасць уяўляюць дакументы, звязаныя з вучобай Кандрата Атраховіча ва Уздзенскім народным вучылішчы Ігуменскага павета Мінскай губерні, а таксама матэрыялы, звязаныя з атрыманнем пасведчання на званне настаўніка пачатковых вучылішчаў Міністэрства народнай асветы за 1913 год, у тым ліку арыгінальны фотаздымак К. Атраховіча, зроблены ў фотамайстэрні Сліозберга ў мястэчку Койданава каля 1913 года.
Забудова мястэчка Узда Ігуменскага павета Мінскай губерні. Фотаздымак пач. XX cтагоддзя.
Уздзенская Петрапаўлаўская царква Ігуменскага павета Мінскай губерні, дзе быў ахрышчаны Кандрацій Атраховіч. Фотаздымак пач. XX cтагоддзя.
Уздзенскі рымска-каталіцкі касцёл. Фотаздымак XIX cтагоддзя.
Акадэмік Кандрат Крапіва (К. К. Атраховіч). Фотаздымак 1980-х гадоў.
Літаратура: Сабалеўскі А. Крапіва Кандрат Кандратавіч. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 4. Мн., 1997. С. 248—249; Беларуская энцыклапедыя. Т. 8. Мн., 199. С. 451—452.