Манюшкі герба «Крыўда»: дакументы па гісторыі роду з фонда «Мінскі губернскі дваранскі дэпутацкі сход» (да 200-годдзя з дня нараджэння беларускага і польскага кампазітара Станіслава Манюшкі)
У 1840—1850-я гады Манюшка пастаянна бываў у Мінску, дзе жылі яго бацькі, актыўна ўдзельнічаў у культурным і музычным жыцці горада. Менавіта з Мінскам была звязана стварэнне першых яго вадэвіляў, музычных камедый і камічных опер. У 1841 годзе ў Мінску была пастаўлена камічная опера на лібрэта Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча “Рэкруцкі яўрэйскі набор”, музыку да якой напісаў Манюшка ў суаўтарстве з мінскім музыкантам Канстанцінам Крыжаноўскім. У 1852 годзе ў Мінску адбылася прэм’ера першай беларускай нацыянальнай оперы “Ідылія” (“Сялянка”), лібрэта да якой таксама напісаў Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, а музыка таксама была створана Манюшкам у суаўтарстве з Канстанцінам Крыжаноўскім.
У 1858 годзе Станіслаў Манюшка перасяліўся ў Варшаву, дзе да 1872 года працаваў дырэктарам і галоўным дырыжорам Варшаўскага Вялікага опернага тэатра, а таксама прафесарам Варшаўскага музычнага інстытута. Манюшка лічыцца стваральнікам польскай нацыянальнай класічнай оперы, класікам польскай і беларускай вакальнай лірыкі. Сусветную вядомасць прынеслі яму оперы “Галька”, “Страшны двор”, “Парыя” і інш.
4 чэрвеня 1872 года Станіслаў Манюшка ва ўзросце 53 гадоў раптоўна памёр у Варшаве ад сардэчнага прыступа. Ён быў пахаваны на знакамітых варшаўскіх Павонскаўскіх могілках.
У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі захавалася вялікая колькасць дакументальных матэрыялаў, звязаных з жыццём і дзейнасцю Станіслава Манюшкі, а таксама яго продкаў і сваякоў. Асобную цікавасць прадстаўляюць дакументы архіўнага фонду “Мінскі губернскі дваранскі дэпутацкі сход” па гісторыі радаводу Манюшкаў.
Надзвычай шмат цікавай і малавядомай інфармацыі па генеалогіі роду Манюшкаў ўтрымлівае фонд 319 Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі «Мінскі губернскі дваранскі дэпутацкі сход».
У XVI – першай палове XVIII ст. род Манюшкаў герба «Крыўда» належаў да ваколічнай шляхты. Яго прадстаўнікі пражывалі ў Бранскім павеце Падляшскага ваяводства Каралеўства Польскага і валодалі землямі ў ваколіцах Вялікія Манюшкі, Клявянка і Смагароўка. Павелічэнне значэння роду прыпадае на XVIII ст. У матэрыялах, якія падаваліся родам падчас «разбору шляхты» і ў далейшым сталі падставай для апісання гісторыі фаміліі ў генеалагічнай літаратуры[1], сцвярджаецца, што першым яе прадстаўніком, які дасягнуў істотных пасад, быў прадзед кампазітара Станіслава Манюшкі – Юзаф, які займаў урад бельскага падчашага. Аднак незалежнымі крыніцамі гэтыя звесткі не пацвярджаюцца[2]. Так ці інакш, безумоўным стваральнікам магутнасці роду быў сын Юзафа вайсковы суддзя Станіслаў Манюшка, які ў канцы 80-х гг. XVIII ст. разам з яшчэ адным падляшскім шляхціцам Францішкам Оштарпам набыў у князя Міхала Казіміра Агінскага Смілавіцкае графства. Пачаткі яго кар’еры родавая легенда звязвала з нешчаслівымі сямейнымі абставінамі – нібыта з-за канфлікту з мачыхай юны Станіслаў пакінуў роднае Падляшша і выехаў у Вялікае Княства Літоўскае, дзе служыў пры дварах буйных паноў (у тым ліку, быў падкамісарам у маёнтках гетмана ВКЛ і віленскага ваяводы князя Міхала Казіміра Радзівіла «Рыбанькі») і нядоўга займаўся адвакацкай практыкай[3].
Вядомы таксама некаторыя абставіны позняга перыяду яго жыцця. Ужо пасля набыцця Смілавічаў (якія і сталі галоўнай рэзідэнцыяй Манюшкаў на Міншчыне, іншая частка Смілавіцкага графства – Дукора – адышла да Оштарпаў) Станіслаў Манюшка працягваў актыўна ўдзельнічаць у палітычным жыцці позняй Рэчы Паспалітай. Так, у 1792 г. разам з тым жа Францішкам Оштарпам ён быў уцягнуты ў канфлікт з расійскай ваеннай адміністрацыяй падчас дзеянняў Таргавіцкай канфедэрацыі[4].
У справе аб дваранскім паходжанні роду Манюшкаў падзеі XVI–XVIII стст. адлюстраваны лапідарна, дакументаў за гэты перыяд не маецца. Пасля зацвярджэння Герольдыяй Сената ў 1832 г. Манюшкі, як і ўсе легітыманаваныя роды, атрымалі права забраць з дваранскага сходу ўсе прадстаўленыя сямейныя дакументы, гэтай магчымасцю яны і скарысталіся.
Усе раннія звесткі па гісторыі Манюшкаў паходзяць з дзвюх пастаноў аб прызнанні ў дваранскай годнасці – ад 1802 і 1832 гг.
У першай з іх – вывадзе ад 18 снежня 1802 г. – згадваюцца непасрэдна ўладальнік маёнтка Смілавічы Станіслаў Юзафавіч і яго браты Андрэй, Адам, Дамінік, Тадэвуш, а таксама некаторыя з іх сыноў (у тым ліку бацька кампазітара Станіслава – Часлаў). Больш звестак утрымлівае наступная пастанова ад 17 чэрвеня 1832 г. Яна ўяўляе сабой прызнанне ў дваранстве (далучэнне да роду) пляменнікаў Станіслава Юзафавіча – Антонія, Рыгора і Адама Андрэевічаў, Валентага і Караля Адамавічаў, а таксама яго ўнука – Станіслава Часлававіча.
Дастаткова падрабязна ў справе аб дваранскім паходжанні прадстаўлены звесткі пра пакаленне бацькі Станіслава – Часлава. Занатавана інфармацыя пра яго братоў – мінскага павятовага маршалка, актыўнага прыхільніка Напалеона падчас вайны 1812 г. Ігната, маёра напалеонаўскай арміі і вядомага філантропа Дамініка, барысаўскага павятовага харужага Юзафа, ганаровага наглядчыка ігуменскага павятовага вучылішча ў Лядах і мецэната Казіміра, камер-юнкера расійскага імператарскага двара Аляксандра. У дачыненні да Часлава ў справе аб дваранскім паходжанні пазначана дата яго хрышчэння (20 ліпеня 1790 г.), адзначана яго служба ў напалеонаўскай арміі (у чыне капітана) і ўзнагароджанне расійскім ордэнам Св. Яна Іерусалімскага. Звесткі пра Часлава (а таксама яго братоў Юзафа і Дамініка) дапаўняюцца спісамі аб службе, якія таксама маюцца ў фондзе 319.
Наступнае пакаленне Манюшкаў не было шматлікім – з яго мужчынскіх прадстаўнікоў у справе адзначаны толькі Станіслаў Часлававіч, а таксама два яго траюрадныя браты Данат і Канстанцін Адамавічы (унукі Андрэя Юзафавіча), якія мелі маёнткі ў Барысаўскім павеце. На Станіслава ў справе маецца метрычны выпіс аб яго нараджэнні 5 мая 1819 г. у фальварку Убель Ігуменскага павета і хрышчэнні ў Смілавіцкім касцёле (як сына Часлава Манюшкі і прадстаўніцы роду стваральнікаў знакамітай Слуцкай персіярні Альжбеты Маджарскай). Апрача таго, справа ўтрымлівае метрычныя выпісы на сыноў Станіслава (народжаных у шлюбе з Аляксандрай Мюлер) – Станіслава-Язафата, Баляслава-Яна-Калікста, Яна-Антонія-Часлава, згадваюцца яго дочкі Ядвіга, Аляксандра і Альжбета.
На дадзенай віртуальнай выставе мы прапануем азнаёміцца з апісаннем і лічбавымі копіямі дакументаў па гісторыі роду, якія ўтрымлівае фонд «Мінскі губернскі дваранскі дэпутацкі сход». Многія дакументы прадстаўлены ўвазе шырокай грамадскасці ўпершыню.
[1] Zychliński, T. Złota księga szlachty polskiej. – T. 30. – Poznań: Drukarnia Dziennika Poznańskiego, 1908. – S. 104–107 (як адзначана ў самім тэксце, на падставе матэрыялаў вядомага мастака і этнографа Альфрэда Ізідора Ромера); Uruski, S. Rodzina. – T. 11. – Warszawa: Gebethner i Wolff, 1914. – S. 235–236.
[2] Ніводзін Манюшка не згаданы сярод падляшскіх ураднікаў (у тым ліку бельскіх падчашых) у адмысловым сучасным даведніку (Urzędnicy podlascy XIV–XVIII wieku. Spisy. – Kórnik: Biblioteka kórnicka, 1994. – S. 45–47).
[3] Walicki, A. Stanisław Moniuszko. – Warszawa: Gebethner i Wolff, 1873. – S. 3–7; żychliński, T. Złota księga szlachty polskiej. – T. 30. – Poznań: Drukarnia Dziennika Poznańskiego, 1908. – S. 105.
[4] Аніпяркоў, В. В. Паміж супрацоўніцтвам і канфліктамі: расійскія войскі і прарасійскія канфедэраты на беларускіх землях Рэчы Паспалітай у 1792–1793 гадах // Вестник Полоцкого государственного университета. – Серия A: Гуманитарные науки. – 2015. – № 1. – С. 44–53.