Мінск на чарцяжах і планах XIX – пачатку XX стагодзя
У фондах Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі захоўваецца значная колькасць картаграфічных матэрыялаў канца XVIII – пачатку XX стагоддзя, якія звязаны з гісторыяй Мінска. У першую чаргу, гэта агульныя планы горада, а таксама планы і чарцяжы яго асобных частак і зямельных пляцаў, карты зямель, якія належалі Мінску, а таксама чарцяжы і малюнкі розных будынкаў і збудаванняў.
Планаў Мінска, якія ахопліваюць усю тэрыторыю горада, у архіве захавалася няшмат. Найбольшая колькасць такіх матэрыялаў на сённяшні дзень сканцэнтравана ў розных архівах, музеях і бібліятэках за межамі Беларусі. Самы ранні план Мінска, які захоўваецца ў НГАБ, быў складзены пасля вялікага пажару 1835 года на падставе праектнага плана Мінска 1817 года. На ім былі пазначаны гарадскія кварталы, якія моцна пацярпелі. У 1858 годзе быў распрацаваны і зацверджаны новы генеральны план забудовы Мінска, які прадугледжваў значнае пашырэнне яго тэрыторыі, частковую змену трасіроўкі старых вуліц і ўпарадкаванне кварталаў. Арыгінал гэтага плана захоўваецца ў Расійскім дзяржаўным гістарычным архіве. У зборах нашага архіва маецца толькі яго копія, якая была ўключана ў «Поўны збор законаў Расійскай імперыі», які знаходзіцца ў фондах навукова-даведачнай бібліятэкі НГА Беларусі.
У другой палове XIX стагоддзя горадабудаўнічая сітуацыя ў Мінску моцна змянілася ў сувязі з тым, што праз Мінск прашлі дзве вялікія чыгункі – Маскоўска-Брэсцкая і Лібава-Роменская. Гэта было зафіксавана на «Плане губернскага горада Мінска», які быў складзены ў 1870-я гады. На ім пазначаны асноўныя гарадскія будынкі і збудаванні, плошчы і рынкі, новы чыгуначны вакзал Лібава-Роменскай чыгункі, гарадскія могілкі і інш. У гэты час горад пачаў інтэнсіўна пашырацца і разбудоўвацца ў паўднёва-заходнім кірунку ў бок чыгуначных ліній. Менавіта гэтая сітуацыя знайшла сваё адлюстраванне ў падрабязным «Плане губерскага горада Мінска сапраўднага выгляду…», які быў падрыхтаваны ў 1884 годзе. На ім была не толькі зафіксавана існуючая планіровачная структура горада і забудова яго кварталаў, але і вызначана перспектыва далейшага пашырэння гарадской тэрыторыі і змена яго планіроўкі.
Апрача таго, у другой палове XIX стагоддзя органамі мінскага гарадскога самакіравання была складзена вялікая колькасць планаў і схем як усяго горада, так і асобных яго частак. Яны былі выкананы ў сувязі з праектаваннем асобных аб’ектаў і ўпарадкаваннем гарадской тэрыторыі. У 1893 годзе была падрыхтавана «Схема тэлефонных ліній і правадоў …», якія належалі Мінскай гарадской управе. Яна ахоплівала цэнтральную частку горада. У канцы XIX стагоддзя быў падрыхтаваны так званы пажарны план Мінска з нумарацыяй гарадскіх кварталаў, які захоўваецца ў архіўным фондзе «Мінскага дабраахвотнага пажарнага таварыства». Гэты план фактычна з’яўляецца копіяй праектнага плана забудовы горада, зацвержанага ў 1896 годзе. У архіўным фондзе «Канцылярыя мінскага архірэйскага дома» захоўваецца план Мінска, датаваны канцом XIX стагоддзя, на якім былі пазначаны зямельныя пляцы ў горадзе, якія належалі архірэйскаму дому і здаваліся ў арэнду.
У пачатку XX стагоддзя ў сувязі з інтэнсіўным развіццём Мінска і далейшым пашырэннем яго тэрыторыі, з’явілася неабходнасць стварэння новага перспектыўнага плана горада. Таму ў пачатку 1910-х гадоў было распрацавана некалькі варыянтаў пректных планаў горада. Адзін з такіх планаў, які быў падрыхтаваны ў пачатку 1910-х гадоў, захоўваецца ў архіўным фондзе «Мінская гарадская ўправа», а яго варыянты – у фондах «Мінскае губернскае праўленне» і «Мінская казённая палата». Апошні з вядомых планаў Мінска з сеткай вуліц, які захоўваецца ў НГА Беларусі, быў складзены ў 1919–1920 гадах.
Планы і схемы асобных частак Мінска сустракаюцца ў розных архіўных фондах НГА Беларусі. У першую чаргу, гэта фонды органаў гарадскога самакіравання «Мінская гарадская дума» і «Мінская гарадская ўправа», а таксама у фондах губернскіх устаноў «Канцылярыя мінскага грамядзянскага губернатара», «Мінскае губернскае праўленне», «Мінская губернская чарцёжная», «Мінская губернская па земскіх і гарадскіх справах прысутнасць» і інш.
У архіве захоўваецца вельмі каштоўная асобная калекцыя картаграфічных матэрыялаў канца XVIII – пачатку XX стагоддзя, якая таксама ўтрымлівае дакументы, звязаныя з гісторыяй Мінска. Планы частак горада і зямельных пляцаў, а таксама чарцяжы будынкаў і збудаванняў сустракаюцца ў архіўных фондах судовых устаноў XIX – пачатку XX стагоддзя.