Гербоўнiк беларускай шляхты - Том 1
Гэтай кнігай Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі распачынае публікацыю новага шматтомнага выдання. Яго галоўная мэта заключаецца ў выяўленні, сістэматызацыі і падачы ў выглядзе асобных артыкулаў звестак па генеалогіі і геральдыцы шляхецкіх родаў Беларусі – пра іх паходжанне, зямельныя ўладанні, выявы гербаў і пячатак, якімі яны карысталіся, займанне пасадаў і ўрадаў прадстаўнікамі таго ці іншага роду, удзел у значных гістарычных падзеях і шматлікія іншыя акалічнасці. У першы том уключаны артыкулы пра 192 шляхецкія роды, чые прозвішчы пачыналіся (у беларускім варыянце) на літару А. Асновай для выдання з’яўляюцца матэрыялы ўнікальнага фонду «Мінскі дваранскі дэпутацкі сход», які знаходзіцца на захаванні ў НГА Беларусі і ўжо здаўна выклікае самую вялікую цікавасць у даследчыкаў.
Складанне «Гербоўніка беларускай шляхты» адбываецца ў межах планавай навуковай тэмы НГА Беларусі «Генеалогія і геральдыка шляхецкіх родаў Беларусі», распрацоўка якой вядецца ў архіве з пачатку 1996 г. Першы том стаў вынікам працы цэлага шэрагу супрацоўнікаў – Таццяны Капіца, Андрэя Леўчыка, Уладзіміра Свяжынскага, Таццяны Седлярэвіч, Юліі Функ і Зміцера Яцкевіча. Кіраўніком аўтарскага калектыву выступіў спецыліст у галіне генеалагічных даследаванняў Сяргей Рыбчонак.
Кніга разлічана на самае шырокае кола карыстальнікаў – як на прафесійных даследчыкаў гісторыі Беларусі перыяду да 1917 г., так і на спецыялістаў у дапаможных гістарычных дысцыплінах, аматараў-краязнаўцаў і ўсіх, хто цікавіцца мінуўшчынай нашай краіны.
Спампаваць уступныя артыкулы, асабовы і геаграфічны паказальнікі і змест