Гербоўнiк беларускай шляхты - Том 2
Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі працягвае публікацыю шматтомнага выдання, якая была распачата яшчэ ў 2002 г. У другі том уключана 320 артыкулаў пра шляхецкія роды пераважна Мінскай губерні, чые прозвішчы пачыналіся на літару Б. Як і ў папярэднім томе, асновай для яго напісання з’яўляюцца матэрыялы ўнікальнага фонду «Мінскі дваранскі дэпутацкі сход», які знаходзіцца на захаванні ў НГА Беларусі і актыўна выкарыстоўваецца даследчыкамі для правядзення распрацовак па самых розных навуковых праблемах.
Складанне «Гербоўніка беларускай шляхты» адбываецца ў межах планавай навуковай тэмы НГА Беларусі «Генеалогія і геральдыка шляхецкіх родаў Беларусі», распрацоўка якой вядецца ў архіве з пачатку 1996 г. Другі том стаў вынікам працы цэлага шэрагу супрацоўнікаў – Альбіны Аляксандравай, Германа Брэгера, Ірыны Вернер, Рыгора Жаўняркевіча, Аляксандра Залівакі, Людмілы Ліпскай, Дзяніса Лісейчыкава, Галіны Прыко, Таццяны Седлярэвіч, Аляксея Цвіркі, Ірыны Шпілеўскай і Зміцера Яцкевіча. Кіраўніком аўтарскага калектыву выступіў спецыліст у галіне генеалагічных даследаванняў Сяргей Рыбчонак.
Кніга разлічана як на прафесійных даследчыкаў гісторыі Беларусі перыяду да 1917 г., так і на спецыялістаў у дапаможных гістарычных дысцыплінах, аматараў-краязнаўцаў, навучэнцаў ВНУ і ўсіх, хто цікавіцца мінуўшчынай нашай краіны.
Спампаваць прадмову, асабовы і геаграфічны паказальнікі, спіс малюнкаў гербаў і змест