ПЕРШЫ МІНСКІ ТЭЛЕФОН: ДА 125-ГОДДЗЯ З ЧАСУ ЎВОДУ Ў ДЗЕЯННЕ ПЕРШАЙ ТЭЛЕФОННАЙ СТАНЦЫІ АГУЛЬНАГА КАРЫСТАННЯ - Частка 4

Прынята лічыць, што тэлефанізацыя горада Мінска, будучай сталіцы нашай краіны, пачалася ў 1890 годзе. Звесткі пра гэта можна знайсці ў навуковых і папулярных публікацыях па гісторыі горада і развіцці тэлефоннай сувязі ў Беларусі ў XIX—XX стагоддзях. Але на самой справе першыя тэлефонныя апараты і першая тэлефонная лінія з’явіліся ў Мінску значна раней. У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі захоўваецца архіўная справа аб стварэнні тэлефоннай сувязі ў Мінску паміж будынкам пажарнай каманды і гарадской каланчой за 1882—1889 гады. З гэтых дакументаў вынікае, што ўжо 25 студзеня 1882 года мінскія гарадскія ўлады атрымалі дазвол на пабудову тэлефоннай лініі ад пажарнай каманды, якая знаходзілася ў будынках былога кляштара бернардзінцаў на Манастырскім завулку (былая Бернардзінская вуліца), да новай пажарнай каланчы, якая была ўсталявана над галоўным фасадам былога касцёла дамініканцаў на рагу Петрапаўлаўскай і Хрышчэнскай вуліц. Для гэтых мэтаў планавалася закупіць тэлефонныя апараты фірмы “Siemens & Halske”. У чэрвені 1882 года мінскі брандмайстар атрымаў 2 новыя тэлефонныя апараты, а ў канцы месяца на пасяджэнні Мінскай гарадской управы разглядалася справаздача аб арганізацыі тэлефоннай сувязі паміж пажарнай камандай і гарадской каланчой. У наступныя гады гарадскія ўлады неаднаразова разглядалі пытанні аб рамонце гэтай тэлефоннай лініі, а ў 1889 годзе былі набыты новыя больш сучасныя тэлефонныя апараты.

У 1890 годзе мінскія гарадскія ўлады па ініцыятыве мінскага гарадскога галавы графа К.Чапскага выступілі з прапановай аб стварэнні агульнагарадской дзяржаўнай тэлефоннай сеткі, якая павінна была злучыць усе дзяржаўныя ўстановы горада. У першую чаргу планавалася стварыць тэлефонную лінію паміж асобнымі часткамі гарадской паліцыі і кватэрай паліцмайстра. Новую тэлефонную станцыю планавалася размясціць у будынку Мінскага гарадскога паліцэйскага ўпраўлення, які знаходзіўся на тэрыторыі былога кляштара бернардзінцаў на Манастырскім завулку (былая Бернардзінская вуліца). Потым да гэтай лініі планавалася падключыць іншыя гарадскія і губернскія дзяржаўныя ўстановы. У першую чаргу планавалася ўсталяваць тэлефонныя апараты ў канцылярыі Мінскай гарадской управы, у доме мінскага губернатара, а таксама ў кватэры мінскага гарадскога галавы графа Чапскага. Кантроль за праектаваннем і будаўніцтвам тэлефоннай сеткі ў Мінску выконвала Мінская паштова-тэлеграфная акруга. Быў падрыхтаваны спецыяльны план горада з пазначэннем запраектаванай тэлефоннай сеткі. У пачатку 1891 года было прынята рашэнне аб далучэнні да Мінскай гарадской тэлефоннай сеткі тэлефоннай лініі упраўлення Лібава-Роменскай чыгункі, а таксама Мінскай паштова-тэлеграфнай канторы. У сярэдзіне 1891 года для гарадской тэлефоннай сеткі былі набыты новыя тэлефонныя апараты і абсталяванне для цэнтральнай гарадской тэлефоннай станцыі сістэмы Берлінэра з Гановера (Германія), потым дадаткова было набыта абсталяванне фірмы “Bell”.

У афіцыйнай справаздачы Мінскай гарадской управы за 1890—1891 гады было пазначана, што для больш зручнай сувязі паміж установамі гарадской управы і мінскімі гарадскімі паліцэйскімі часткамі ў 1890 годзе было ўсталявана 8 асобных тэлефонаў з цэнтральнай станцыяй, якая знаходзілася ў будынку Мінскага гарадскога паліцэйскага ўпраўлення. Гэтыя тэлефоны дазволілі злучыць 4 паліцэйскія часткі, кватэру мінскага губернатара, паліцмайстра, Мінскую гарадскую ўправу і “Пажарны двор”. Асобны тэлефон быў усталяваны ў мінскага гарадскога галавы графа К.Чапскага. Стварэнне тэлефоннай сеткі абышлося гораду ў 1538 рублёў, а на яе ўтрыманне і тэхнічнае абслугоўванне ў бюджэце горада на кожны год было запланавана па 300 рублёў.

У канцы 1891 года была пабудавана новая тэлефонная лінія, якая злучыла з цэнтральнай станцыяй будынак мінскага гарадскога тэатра, гарадскую вадакачку і шэраг іншых гарадскіх і губернскіх устаноў. У гэты ж час да мінскай гарадской тэлефоннай сеткі была падключана тэлефонная лінія ўпраўлення Лібава-Роменскай чыгункі і Мінская паштова-тэлеграфная кантора. Цікава, што адначасова тэлефонныя апараты былі усталяваны ў мінскага натарыўса і рэдактара газеты “Минский Листок” І.Фацінскага.

Мінская гарадская дума пачалася разглядаць пытанне аб пашырэнні гарадской тэлефоннай сеткі і падключэнні да яе прыватных абанентаў. 12 кастрычніка 1892 года на пасяджэнні Мінскай гарадской управы была разгледжана прапанова гарадскога галавы графа К.Чапскага аб неабходнасці стварэння ў Мінску агульнадаступнай урадавай тэлефоннай сеткі. 4 кастрычніка 1893 года гарадская дума разгледзела даклад гарадской управы аб неабходнасці пашырэння тэлефоннай сеткі і абсталявання новай цэнтральнай тэлефоннай станцыі на 100 нумароў. У лістападзе гэтага ж года быў арганізаваны прыём заяў ад прыватных асоб, якія жадалі карыстацца тэлефоннай сувяззю. Была аб’яўлена падпіска на ўсталяванне тэлефонных апаратаў у прыватных асоб з абаненцкай платай 75 рублёў у год за тэлефон. Адны з першых такіх тэлефонаў былі ўсталяваны ў будынках Мінскага камерцыйнага і Санкт-Пецярбургска-Азоўскага банкаў.

У 1896 годзе ў Мінску пачаліся працы па будаўніцтве новай урадавай гарадской тэлефоннай сеткі. 2 студзеня 1896 года міністрам унутраных спраў былі зацвержаны ўмовы карыстання тэлефоннай сувяззю ў Мінску. Адначасова гарадская ўправа павінна была перадаць ва ўласнасць Мінскай паштова-тэлеграфнай акрузе на бязвыплатнай аснове існуючую тэлефонную сетку разам з тэлефоннай станцыяй і апаратамі. Было закуплена новае абсталяванне для станцыі на 100 нумароў і тэлефоныя апараты шведскай фірмы “Ericsson”. Гэтую тэлефонную станцыю было вырашана размясціць у адным з памяшканняў Мінскай паштова-тэлеграфнай каторы, якая знаходзілася ў доме Лур’е на рагу Саборнай плошчы і Петрапаўлаўскай вуліцы. Мінская гарадская ўрадавая тэлефонная сетка падпарадкоўвалася непасрэдна Мінскай паштова-тэлеграфнай канторы. Адначасова была ўведзена пасада загадчыка Мінскай тэлефоннай сеткі. Агульная даўжыня тэлефонных ліній складала 12 вёрстаў і 114 сажняў. Абаненцкая плата ў радыусе да 12-х вёрстаў ад станцыі складала 75 рублёў у год, а для іншых абанентаў, якія знаходзіліся далей гэтай адлегласці, да гэтай сумы дадавала яшчэ па 15 рублёу за кожную вярсту.

Новая мінская гарадская агульнадаступная ўрадавая тэлефонная станцыя афіцыйна пачала сваю дзейнасць 1(14) лістапада 1896 года. Да канца года да дзяржаўнай тэлефоннай сеткі было падключана 68 абанентаў.

У 1899 годзе Мінская паштова-тэлеграфная кантора і Цэнтральная гарадская тэлефонная станцыя былі пераведзены з дома Лур’е на Саборнай плошчы ў дом Л.Карказовіч па Губернатарскай вуліцы.

У пачатку ХХ стагоддзя мінская тэлефонная сетка пастаянна пашыралася. У 1906 годзе паслугамі тэлефона ў Мінску карысталіся ужо каля 500 абанентаў. У 1907 годзе пачала дзейнічаць міжгародняя тэлефонная сувязь на лініі Мінск—Смалявічы—Новабарысаў—Барысаў. Пазней да гэтай лініі было далучана мястэчка Рудзенск. У 1909 годзе была здадзена ў эксплуатацыю тэлефонная лінія агульнага карыстання паміж гарадамі Мінск і Ігумен.

Паводле рапарта мінскага паліцмайстара мінскаму губернатару ад 21 лістапада 1912 года агульная колькасць тэлефонных абанентаў складала 719 нумароў. Мінская гарадская тэлефонная сетка значна пашырылася ў сувязі з падзеямі Першай сусветнай вайны 1914—1918 гадоў. Паводле спіса абанентаў мінскай гарадской тэлефоннай сеткі за 1917—1918 гады ў горадзе налічвалася больш за 1100 тэлефонных нумароў.

Ручная тэлефонная станцыя на 1800 нумароў ў будынку былой Мінскай паштова-тэлеграфнай канторы на Ленінскай вуліцы (былая Губернатарская) праіснавала да 1932 года. 5 лістапада 1932 года была ўведзена у дзеянне новая аўтаматычная тэлефонная станцыя на 10 000 нумароў — першая на тэрыторыі Беларусі. Абсталяванне для гэтай станцыі былі зроблена на Ленінградскім заводзе “Красная Заря”. У пачатку 1930-х гадоў у Мінску пачалося будаўніцтва новага адмысловага будынка “Менскай гарадской АТС” у стылі канструктывізму, які быў узведзены на вуліцы Карла Маркса. Будынак “Менскай гарадской АТС” разам з усім абсталяваннем быў разбураны ў гады Другой сусветнай вайны.

 

Крыніцы:

История Минской городской телефонной сети (1896—2006). Мн., 2006. 140 С.

Отчет Минской городской управы за 1890—1891 гг. Мн., 1892. 27 С.

Шыбека З. Минскъ сто гадоў таму. Мн., 2007. 304 С.

 

Аўтары-складальнікі: 
Вядучы навуковы супрацоўнік У.М.Дзянісаў
Год выставы: 
2021