Мінск: ад эклектыкі да мадэрна. (Частка 1)

МІНСК: ад эклектыкі да мадэрна.
Чарцяжы і малюнкі будынкаў канца ХІХ – пачатка ХХ стагоддзяў у фондзе «Мінская гарадская ўправа» Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі. (Да 950-годдзя Мінска).

У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў фондзе «Мінская гарадская ўправа» захоўваецца значная колькасць спраў аб разглядзе і зацвярджэнні праектаў грамадскіх і прыватных будынкаў у Мінску ў другой палове XIX — пачатку ХХ ст. Гэта праекты не толькі выдатных грамадскіх і прыватных збудаванняў, такіх як гасцініца «Еўропа», будынкі банкаў, кінатэатраў, даходных дамоў, рэстаранаў, крам, фатаграфічных майстэрань, якія былі ўзведзены ў цэнтры горада, але і простыя драўляныя дамкі, пабудаваныя на ўскраінах. Сярод праектаў, якія былі разгледжаны, зацверджаны і рэалізаваны ў гэты час у Мінску, можна пабачыць творы такіх вядомых архітэктараў, як Станіслаў Гейдукевіч, Генрых Гай, Віктар Шротар і іншыя.

Праектныя матэрыялы, якія дайшлі да нашага часу, з’яўляюцца вельмі каштоўнай крыніцай для вывучэння гісторыі горадабудаўніцтва і архітэктуры Мінска. Значная колькасць гэтых дакументаў была выкарыстана падчас падрыхтоўкі праектаў рэстаўрацыі архітэктурных помнікаў гістарычнага цэнтра Мінска, а таксама старажытнай забудовы ў іншых частках горада.

У другой палове XIX стагоддзя ў жыцці Мінска і, у першую чаргу, у сістэме гарадскога самакіравання адбыліся кардынальныя змены. Паводле гарадавога палажэння ад 16 чэрвеня 1870 г. у Мінску была створана гарадская ўправа, якая пачала сваю дзейнасць 26 жніўня 1876 г. Гарадская ўправа з’яўлялася пастаянна дзеючым выканаўчым органам Мінскай гарадской думы. Яе ўзначальваў гарадскі галава. Будынак Мінскай гарадской управы знаходзіўся на рагу Губернатарскай і Юр’еўскай вуліц. Гэта быў старажытны мураваны манастырскі корпус, які ў XVII—XVIII стагоддзях належаў Мінскаму кляштару францысканцаў. У 1870-я гады ён быў грунтоўна перабудаваны для размяшчэння органаў гарадскога самакіравання.

ИзображениеМінская гарадская ўправа непасрэдна кіравала справамі гарадской гаспадаркі. З гэтага часу ад яе, фактычна, залежала ўсё жыццё і функцыянаванне гарадскога арганізма, і, у першую чаргу, — развіццё прамысловасці, гандлю, адукацыі і аховы здароўя. Гарадская ўправа забяспечвала насельніцтва прадуктамі харчавання, займалася апекай над беднымі, а таксама дабраўпарадкаваннем горада (утрыманнем ў належным стане вуліц і плошчаў, тратуараў, маставых і гарадскіх мастоў), развіццём гарадскога транспарта, электрычнага асвятлення, тэлефоннай сувязі, водазабеспячэння, каналізацыі, прымала меры па супрацьпажарнай бяспецы і інш.

Мінская гарадская ўправа займалася вырашэннем шырокага кола пытанняў, звязаных с развіццём горадабудаўніцтва і архітэктуры Мінска. Непасрэдна за архітэктурна-будаўнічую дзейнасць ў горадзе адказвала будаўнічае аддзяленне гарадской управы. Яно праводзіла інвентарызацыю гарадскіх будынкаў і прыватных збудаванняў (найбольш дакладны інвентар нерухомай маёмасці Мінска быў складзены ў 1910 г.), ажыццяўляла нагляд за тэхнічным станам будынкаў, складала каштарысы на іх рамонт і рэканструкцыю, а таксама на пабудову новых гарадскіх аб’ектаў. У гарадской управе разглядаліся і зацвярджаліся праекты на будаўніцтва, рамонт і рэканструкцыю грамадскіх і прыватных будынкаў. Пасля зацвярджэння праектаў чыноўнікі ўправы ажыццяўлялі нагляд за іх рэалізацыяй. Арыгінал праекта выдаваўся на рукі заказчыку, а яго копія заставалася на захаванні ў архіве управы. У складзе ўправы была ўведзена пасада гарадскога архітэктара, які непасрэдна разглядаў праекты пабудоў, а таксама вёў нагляд за будаўніцтвам гарадскіх і прыватных аб’ектаў, складаў справаздачы аб выкананых працах, займаўся экспертызай спраў аб парушэннях будаўнічых правілаў і патрабаванняў управы.

У другой палове XIX — пачатку ХХ ст. па ініцыятыве Мінскай гарадской управы было распрацавана некалькі варыянтаў генеральнага плана забудовы горада, паводле якіх тэрыторыя Мінска была значна пашырана. Апошняя рэдакцыя генеральнага плана развіцця горада была падрыхтавана пасля 1910 г., згодна якой уся тэрыторыя Мінска атрымала новую сістэму падзелу на гарадскія кварталы, якія атрымалі новую нумарацыю. Гэтая сістэма захавалася фактычна да 1920 г.

Аўтары-складальнікі: 
У. М. Дзянісаў
Год выставы: 
2017