Великая европейская война: к 110-летию начала Первой мировой войны
У канцы XIX – пачатку XX ст. на планеце стаў наспяваць маштабны канфлікт паміж вядучымі еўрапейскімі дзяржавамі за дамінаванне ў свеце. Яны аб’ядналіся ў два варожыя ваенна-палітычныя блокі – Антанту (Вялікабрытанія, Францыя, Расія) і Траісты саюз (Германія, Аўстра-Венгрыя, Італія). У 1914–1918 гг. гэтыя дзве вялікія сілы сышліся ў нябачанай раней вайне, якую цяпер называюць Першай сусветнай вайной. Яна пачалася 1 жніўня 1914 г.
Узброенае супрацьстаянне запатрабавала каласальнага напружання ўсіх сіл ваюючых бакоў. Для перамогі назапашаных да вайны арсеналаў аказалася недастаткова. Паўстала неабходнасць, каб эканоміка краін, якія ваявалі, пастаянна працавала на фронт. Упершыню ў канфлікце ўдзельнічалі шматмільённыя арміі, шырока ўжываліся атрутныя газы, дальнабойная артылерыя, кулямёты, падводныя лодкі, авіяцыя, а з 1916 г. і танкі. Выкарыстанне новых тыпаў ўзбраення прыводзіла да фантастычных страт. У адной толькі бітве маглі загінуць сотні тысяч вайскоўцаў.
Падзеі Першай сусветнай вайны з’яўляюцца неад’емнай часткай гісторыі Беларусі. Ужо з лета 1914 г. насельніцтва Віленскай, Віцебскай, Гродзенскай, Мінскай і Магілёўскай губерняў Расійскай імперыі стала адчуваць усе нягоды ваеннага часу: мабілізацыю, масавыя рэквізіцыі, прымусовую працу, мілітарызацыю прамысловасці, паветраныя бамбардзіроўкі. У ваенныя гады праз тэрыторыю Беларусі праязджалі сотні тысяч вымушаных мігрантаў – ваеннапалонных, бежанцаў, інтэрнаваных замежнікаў, дэпартаваных расійскіх падданых нямецкага і яўрэйскага паходжання, эвакуяванага персаналу ўстаноў і прадпрыемстваў. З самага пачатку вайны ў мястэчку Баранавічы Навагрудскага павета Мінскай губерні, а затым са жніўня 1915 г. па люты 1918 г. у Магілёве знаходзілася Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандуючага. У горадзе Дзвінску Віцебскай губерні размяшчаўся штаб Дзвінскай ваеннай акругі, у Мінску — штабы Мінскай ваеннай акругі і Заходняга (да жніўня 1915 г. Паўночна-Заходняга) фронту. На тэрыторыі Беларусі таксама знаходзіліся штабы карпусоў і дывізій, дзейнічалі шматлікія вайсковыя злучэнні і часткі розных родаў войск. У гады вайны на ваенную службу было прызвана прыкладна 600 тыс. чалавек з беларускіх губерняў.
У перыяд вайны фатальнай датай для расійскай арміі стала 8 мая 1915 г. У гэты дзень аўстра-германскія войскі пасля 6-дзённых баёў прарвалі расійскі фронт у Галіцыі (у раёне Горліцы, паміж Віслай і Карпатамі). Расійскае камандаванне не змагло прадбачыць кірунак галоўнага ўдару праціўніка. Таму на ўчастку прарыву Германія і Аўстра-Венгрыя валодалі шматразовым перавагай у жывой сіле і тэхніцы. На працягу лета 1915 г. расійская армія пакінула аўстрыйскую Галіцыю, частку Прыбалтыкі і Царства Польскае. Няўдачы расійскай арміі тлумачыліся таксама і недахопам боепрыпасаў, які ўзнік з пачатку 1915 года. Ваенная прамысловасць не паспявала вырабляць іх у неабходным аб’ёме. Адсутнасць у Расіі развітой сеткі чыгунак таксама перашкаджала забеспячэнню фронту. У жніўні 1915 г. наступаючыя сілы Траістага саюза ўступілі ў межы Віленскай і Гродзенскай губерняў. 26 жніўня расійскія войскі былі выцеснены з Брэст-Літоўска, 2 верасня – з Гродна. 9 верасня 4 германскія кавалерыйскія дывізіі прарвалі расійскую абарону на поўнач ад Вількаміра (Свянцянскі прарыў). У ходзе імклівага прасоўвання германскія кавалерысты занялі Вілейку і Маладзечна, перарэзалі шашу Смаленск–Мінск. Аднак наступ германскай конніцы не быў падтрыманы пяхотай і артылерыяй, што дазволіла расійскім войскам паспяхова контратакаваць і адкінуць непрыяцельскую кавалерыю да возера Нарач. Да 19 верасня (2 кастрычніка) 1915 г. фронт стабілізаваўся на лініі возера Дрысвяты – возера Нарач – Смаргонь – Пінск – Дубна – Цярнопаль.
Не дабіўшыся рашучага поспеху на Усходнім фронце, германскі Генеральны штаб прыняў рашэнне перанесці асноўны ўдар на Заходні фронт, для канчатковага разгрому Францыі. У 1916 г. супраць Расіі Цэнтральныя дзяржавы актыўных дзеянняў не планавалі. У сваю чаргу, саюзнікі па Антанце рыхтавалі скаардынаванае наступленне і на захадзе, і на ўсходзе. 16 сакавіка 1916 г. начальнік штаба Вярхоўнага Галоўнакамандуючага генерал М. В. Аляксееў аддаў загад аб пераходзе ў наступ расійскіх армій ля возера Нарач. Тут абарону займала 10-я германская армія. Пасля працяглай артылерыйскай падрыхтоўкі расійскія войскі перайшлі ў наступ. На поўдзень ад возера Нарач ім удалося прасунуцца на 2–9 км. Германскае камандаванне прыняло рашэнне перакінуць у раён Нарачы 4 дывізіі з Францыі. Гэта палегчыла становішча французаў пад крэпасцю Вердэн, але не дазволіла рускім прарваць непрыяцельскую абарону. Улетку 1916 г. расійская армія распачала яшчэ адно буйное наступленне на тэрыторыі Беларусі. Асноўны ўдар наносіўся сіламі Заходняга фронту пад камандаваннем генерала А. Е. Эверта з раёна Маладзечна на Вільню. Войскі Паўночнага фронту ад Дзвінска таксама наступалі на Вільню. Але наступ абодвух франтоў скончыўся няўдачай. Атакі рускіх былі адбіты з вялікімі для іх стратамі.
Да пачатку 1917 г. працягласць Усходняга фронту складала 1700 км. На тэрыторыі Беларусі сканцэнтравалася велізарная колькасць расійскіх вайскоўцаў. У трох арміях, якія непасрэдна сутыкаліся з праціўнікам (3-й (штаб у Будславе), 10-й (штаб у Маладзечне), 2-й (штаб у Нясвіжы)), –– налічвалася больш за 1 млн. 200 тыс. чалавек, а разам з запаснымі войскамі, упраўленнямі, установамі з падначаленымі ім асобнымі часткамі іх колькасць перавышала 1,5 мільёна. Гэтыя фарміраванні ўтваралі Заходні фронт, штаб якога знаходзіўся ў Мінску. У верасні 1917 г. мінскі гарадскі галава К. І. Ландэр пісаў, што ў горадзе раскватаравана ад 100 да 150 тыс. вайскоўцаў, у той час як ён разлічаны на значна меншы штат па мірным часе – 4 тыс. чалавек. Гэтая акалічнасць прывяла да таго, што рух па вуліцах, якія вядуць да складоў і казармаў, узрос у 50 разоў. Дарогі і масты прыходзілі ў непрыдатнасць.
Стратэгічна Заходні фронт быў важны тым, што, па-першае, як і Паўночны фронт, які дзейнічаў у суседняй Прыбалтыцы, быў, як тады казалі, «бліжэйшым да сталіц» і тым самым прыкрываў Маскву, а сваім паўночным флангам – і Петраград, па-другое, праз яго пралягалі самыя кароткія шляхі ў Германію.
З лістапада 1916 г. краіны-ўдзельніцы Антанты, у тым ліку і Расія, сталі распрацоўваць новую наступальную кампанію на Заходнім (у Францыі) і Усходнім франтах, маючы намер не пазней вясны 1917 г. нанесці ўзгодненыя ўдары па праціўніку. 16–20 сакавіка 1917 г. у войсках Заходняга фронту зачытваліся загады камандуючых аб адрачэнні імператара Мікалая II. Але ад саюзніцкіх абавязацельстваў царскай Расіі Часовы ўрад не адмовіўся. План кампаніі 1917 г. заставаўся ў сіле. Але з прычыны курсу на дэмакратызацыю арміі (у прыватнасці, адмена ваенна-палявых судоў, дысцыплінарных паўнамоцтваў афіцэраў), які праводзіўся Часовым урадам, у многіх частках адзначаўся заняпад дысцыпліны. Наступ так і не адбыўся ў маі, як было запланавана. На Паўднёва-Заходнім фронце ён пачаўся 1 ліпеня 1917 г., на Заходнім – 19 ліпеня, на Паўночным – 21 ліпеня, на Румынскім – 22 ліпеня. Галоўны ўдар наносіў Паўднёва-Заходні фронт. Перад яго войскамі ставілася задача авалодаць Львовам. Наступ астатніх франтоў павінен быў скаваць сілы непрыяцеля, не даць яму магчымасці перакінуць у Галіцыю падмацаванні з іншых участкаў Усходняга фронту. У Беларусі расійскія войскі наступалі ў агульным кірунку на Вільню. Але з-за масавага непадпарадкавання салдат сваім военачальнікам наступ завяршыўся правалам.
Да 18 лютага 1918 г., да аднаўлення нямецкай арміяй баявых дзеянняў (аперацыя «Faustschlaq» («Удар кулаком»)), расійская армія цалкам страціла баяздольнасць. Пра тое, што расійскага фронту практычна не было, больш красамоўна кажа той факт, што некаторыя нямецкія часткі перасеклі лінію фронту ў чыгуначных эшалонах.
3 сакавіка 1918 г. быў падпісаны Брэсцкі мірны дагавор, па якім Расія губляла каля 1 млн км² і абавязвалася дэмабілізаваць войска і флот, выплаціць кантрыбуцыю ў памеры 6 млрд марак. Аж да заканчэння Першай сусветнай вайны на занятай Германіяй тэрыторыі, уключаючы беларускія губерні, дзейнічала германская акупацыйная адміністрацыя.
У 1918 г. антываенная рэвалюцыя ўспыхнула і ў Германіі. Годам раней на баку Антанты выступілі ЗША і ў вайне адбыўся пералом. Аўстра-германскія сілы пачалі адступаць і ўрэшце здаліся.
Наступствы канфлікту настолькі значныя, што ў СССР і краінах СНД стала прынята сцвярджаць, што ў 1918 г. Новая гісторыя падышла да канца і пачалася Навейшая гісторыя – наша сучасная эпоха. Па выніках вайны распаліся вялікія імперыі – Германская, Аўстра-Венгерская, Расійская і Асманская, сур’ёзна ўзмацніліся ЗША, у 1922 г. утварыўся Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік, які адыгрываў пасля істотную ролю ў сусветнай гісторыі. Таксама быў створаны правобраз цяперашняй ААН – Ліга Нацый. Гэта міжнародная арганізацыя абавязвала ўсе краіны, якія ўваходзяць у яе склад, вырашаць усе рознагалоссі толькі шляхам дыпламатыі.
Дакументы і матэрыялы, звязаныя з непасрэдным ходам баявых дзеянняў на франтах Першай сусветнай вайны, у тым ліку і на тэрыторыі Беларусі, у фондах беларускіх архіваў практычна адсутнічаюць. У цяперашні час дакументальныя крыніцы па гэтай тэматыцы захоўваюцца ў Расійскім дзяржаўным ваенна-гістарычным архіве (Масква).
У фондах Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі захаваліся шматлікія дакументы, звязаныя ў асноўным з дзейнасцю тылавых устаноў, арганізацый і прадпрыемстваў Віцебскай, Мінскай і Магілёўскай губерняў. Звесткі аб падзеях Першай сусветнай вайны ўтрымліваюцца ў большасці архіўных фондаў устаноў і арганізацый, якія дзейнічалі ў перыяд з 1914 па 1918 г., пачынаючы з губернскіх устаноў і заканчваючы такімі нізавымі ўстановамі, як валасныя праўлення.
Крыніцы:
Беларусь в годы Первой мировой войны (1914–1918). Сборник документов / сост. : В.В. Врублевский, М.М. Кривицкий [и др.]; редколл. : В.И. Адамушко [и др.]. – Минск : Беларусь, 2014.
Зайончковский, А.М. Мировая война 1914–1918 гг. : в 3 т. – М. : Гос. воен. изд-во наркомата обороны СССР, 1938. – 3 т.
Национальный исторический архив Беларуси. – Ф. 1. – Оп. 1. – Д. 6773. Дело Минской Городской Управы о военнопленных для городских работ в числе 100 человек при 25 человек охраны и десятников. 1917.
Первая мировая война 1914–1918 / под ред. А.Л. Сидорова. – М.: Наука, 1968.
Первая мировая война в исторических судьбах Европы : сб. материалов Междунар. науч. конф., г. Вилейка, 18 окт. 2014 г. / редкол. : В. А Богуш (пред.) [и др.]. – Минск : Изд. центр БГУ, 2014.
Первая мировая война: дискуссионные проблемы: сб. статей / редколл. : В. Л. Мальков (отв. ред.), Ю. А. Писарев. – М. : Наука, 1994.
Первая мировая война : история, геополитика, уроки истории и современность (к 90-летию окончания Первой мировой войны и началу формирования Версальско-Вашингтонской системы международных отношений) : материалы международной научной конференции, Витебск, 11–12 ноября 2008 г. / Витебский государственный ун-т им. П.М. Машерова. – Витебск : ВГУ им. П.М. Машерова, 2008.
Рындин, С.Н. Донесения начальников губернских жандармских управлений как источник информации об общественно-политических настроениях в белорусских губерниях (1915–1916 гг.) // Беларускі археаграфічны штогоднік. – Минск : БелНИИДАД, 2014. – Вып. 15. – С. 100–108.